Казачны вобраз
у мастацтве
Казкі выклікаюць цікавасць, абуджаюць добрыя пачуцці і эмоцыі. Магчыма, менавіта таму многія мастакі з такім задавальненнем і, галоўнае, павагай звяртаюцца да казачных сюжэтаў і герояў.
Жыццё казкі не спыняецца ніколі!
Як ствараюцца казачныя вобразы?
Дзякуючы каму?
І ўсё ж сярод мноства казак ёсць асаблівыя. Іх сюжэты мы пазнаём адразу — па першым слове, па знаёмым радку, па імёнах герояў. Менавіта такой казкай з’яўляецца «Казка пра цара Салтана...».
Аляксандр Сяргеевіч Пушкін быў захоплены народнай казкай пра цудоўную Царэўну Лебедзь і на аснове яе сюжэта стварыў новы паэтычны вобраз.
Гісторыю А. С. Пушкіна пра Царэўну Лебедзь можна расказаць з дапамогай унікальных кніжных ілюстрацый, створаных мастакамі да гэтай казкі. Адным з лепшых ілюстратараў рускіх казак стаў Іван Якаўлевіч Білібін. Ён працаваў у вельмі выразнай і пазнаваемай манеры. Вобразы, створаныя да казак А. С. Пушкіна, перадаюць атмасферу даўніны і чароўнага свету.
Да 100-гадовага юбілею паэта кампазітар Мікалай Андрэевіч Рымскі-Корсакаў стварыў оперу «Казка пра цара Салтана». Музыка гучыць лёгка і нязмушана. Мы пазнаём мелодыі і рытмы народных песень і скокаў. Асабліва запамінальнымі з’явіліся выяўленчыя знаходкі ў аркестравых эпізодах оперы. У аркестравым уступе «Тры
цуды» чутны святочныя фанфары, званы, маршавыя інтанацыі шырокай хады марскіх віцязяў.
Першая карціна IV дзеі оперы прысвечана вобразу Царэўны Лебедзі. Павольна, плаўна, спакойна разгортваецца мелодыя ў выкананні струнных музычных інструментаў. І вось ён, цуд: прыгожы вобраз Царэўны паступова ўзнікае ва ўсёй сваёй велічы.
Мастаком у пастаноўцы оперы быў Міхаіл Андрэевіч Урубель — вядомы рускі жывапісец. Касцюмы, створаныя па яго эскізах, выклікалі ў публікі захапленне.
Партыю Царэўны Лебедзі выконвала жонка Урубеля Надзея Іванаўна Забэла-Урубель. Пад уражаннем загадкавага вобраза Царэўны, увасобленага спявачкай, мастак піша карціну «Царэўна Лебедзь».
Тонкая, вытанчаная, з лёгкай усмешкай, гераіня ў вобразе Царэўны Лебедзі ўражвае і захапляе адначасова! На карціне адлюстраваны момант пераўвасаблення грацыёзнай птушкі ў юную дзяўчыну. Паварочваючы да гледача свой твар, яна нібы запрашае нас стаць сведкамі гэтага цуду.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — гэта від мастацтва, у якім ствараюцца адначасова прыгожыя і карысныя творы.
Казачныя сюжэты і героі знаходзяцца вакол нас і ў паўсядзённым жыцці. Паглядзіце ўважліва — на посудзе, вопратцы, ручніках і іншых прадметах хатняга ўжытку можна сустрэць казачны вобраз.
Царэўна Лебедзь у розным абліччы выяўлена ў мініяцюры. Яркія тоны, шчыльнасць мазкоў, дэкаратыўнасць і ўзорыстасць малюнка — і вось звычайны куфэрак стаў прадметам мастацтва.


»

Заданні

- Як вы думаеце, чаму вобраз Царэўны-Лебедзі так любімы майстрамі розных відаў мастацтваў. Абгрунтуйце сваю думку.
- Падумайце і адкажыце, якія яшчэ казачныя вобразы прадстаўлены ў мастацтве так шматгранна.
- Паглядзіце мультфільм «Казка пра цара Салтана» І. П. Іванова-Вано і Л. І. Мільчына. Выканайце замалёўку вобраза
Царэўны Лебедзі даступнымі сродкамі
«Казка пра цара Салтана»
Рэжысёры І. П. Іваноў-Вано і Л. І. Мільчын
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website